КРЫ́ЗІСЫ ЎЗРО́СТАВЫЯ,
асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д. Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.Фрэйд, Э.Эрыксон, Л.Выгоцкі, Л.Бажовіч, Д.Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.Рубінштэйн, А.Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.
Літ.:
Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;
Обухова Л Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;
Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997.
Э.С.Дубянецкі.
т. 8, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)